Філіял №2 — Бібліятэка імя А. Герцэна

БЕЛ  |  РУС

Больш за 65 гадоў бібліятэка-філіял №2 імя А. Герцэна з’яўляецца агульнадаступным культурным цэнтрам мікрараёна «Спаскі».

Створаная 25 кастрычніка 1947 года як першая гарадская бібліятэка горада Полацка, яна размяшчалася ў доміку Пятра 1.

У 1959 годзе бібліятэка пераехала ў новы будынак клуба камбіната будаўнічых матэрыялаў, дзе знаходзілася да 1986 года.

2 чэрвеня 1964 года рашэннем выканкама Полацкага гарсавета бібліятэцы было прысвоена імя Аляксандра Герцэна. Новае памяшканне, якое  атрымала  бібліятэка ў 1986 годзе па адрасе: вул. Касманаўтаў 69, стала яе пастаянным адрасам.

Калектыў бібліятэкі, а гэта 4 бібліятэкары, ставіць сваёй задачай далучыць да чытання жыхароў мікрараёна, дапамагчы ім арганізаваць свой вольны час, зрабіць знаходжанне ў бібліятэцы прыемным, камфортным, карысным. Утульная чытальная зала, прасторны аддзел абанемента прапануюць кожнаму чытачу выбраць тое, што яму па гусце. Фонд бібліятэкі багаты і разнастайны, сёння ён налічвае амаль 55 тысяч асобнікаў кніг, 16 назваў газет і 48 часопісаў.

Імкнучыся раскрыць гэтыя кніжныя багацці, бібліятэкары пастаянна ўдасканальваюць сваю працу. Прагляды новай літаратуры, кніжныя выставы, агляды, гутаркі і сустрэчы з паэтамі і пісьменнікамі сталі найважнейшымі напрамкамі ў рабоце бібліятэкі. Цеснае сяброўства звязвае калектыў з народнымі літаратурнымі аб’яднаннямі «Полацкая ветка», «Наддзвінне», «Літаратурны каўчэг».