Родная мова, матчына мова
21 лютага ў бібліятэцы імя Янкі Купалы — філіял № 3 прайшла піраміда ведаў “Браму скарбаў сваіх адчыняем”.
Піраміда ведаў прайшла да Міжнароднага дня роднай мовы у межах індывідуальнага творчага плана па папулярызацыі беларускай кнігі “Далучыць да роднага слова”. На ёй прысутнічалі вучні 3 “А” класа ДУА “Сярэдняя школа № 8 г. Полацка”.
Родная мова, матчына мова. Гэтак шаноўна і ласкава называюць беларусы свой неацэнны духоўны набытак. Беларускі народ мае багатую скарбніцу вершаў, апавяданняў, казак і іншых твораў. Выдатныя пісьменнікі Беларусі ўмела перадалі любоў да Радзімы, прыгажосць беларускай прыроды, цікавы жывёльны свет. Яны захавалі і данеслі да нас родную мову.
У пачатку мерапрыемства вучні разгадалі крыжаванку “Родная мова” і адправіліся ў займальнае падарожжа па неабсяжнай Краіне Мовазнавіі, уладарка якой – каралева Мова. Там іх чакала віктарына “Казачная вясёлка”, на пытанні якой яны паспяхова адказалі. З вялікім задавальненнем дзеці прыгадалі любімыя казкі і іх герояў.
У час мерапрыемства хлопчыкі і дзяўчынкі прынялі актыўны ўдзел у гульнях: “Памочніца-загадка”, “Мудрыя дарадцы”, “Наадварот” і “Слоўнікавая скарбонка”. Вучні адгадвалі цікавыя загадкі-задачкі, аднаўлялі прыказкі, знаходзілі прапушчаныя словы і тлумачылі іх сэнс. Весела прайшоў марафон скорагаворак “Хто хутчэй?”.
З добрым настроем хлопчыкі і дзяўчынкі чыталі і прымаўлялі вясёлыя скорагаворкі. Апошнім быў конкурс чытальнікаў “Рыфмаванка-забаўлянка”. Вучні дапаўнялі і чыталі цікавыя вершы беларускіх паэтаў пра Радзіму і родную мову.
У канцы мерапрыемства дзеці пазнаёміліся з кніжнай выставай “Роднай мовы пералівы”. Адказная: Ляўшыцкая І. П.