Вясёлка – твая надзейная сяброўка

21 красавіка ў дзіцячым аддзеле бібліятэкі ім. Я. Купалы ў рамках праграмы па папулярызацыі беларускай кнігі “Далучыць да роднага слова” прайшла гадзіна любімага часопіса “Вясёлка – твая надзейная сяброўка!” (да 60-годдзя з дня выдання).

На ёй прысутнічалі вучні С/Ш № 6, 4 “Б” класа. Першы нумар “Вясёлкі” выйшаў у красавіку 1957 года. Вясёлка – гэта сонечная ўсмешка прыроды ў блакітным, чыстым пасля дажджу небе, сімвал прыгажосці на нашай зямлі. Яркія колеры вясёлкі ззяюць і на старонках часопіса. Адсюль і назва.

Вось ужо 60 гадоў “Вясёлка” радуе дзяцей шматколернасцю, прыгажосцю афармлення, багаццем пазнавальнага матэрыялу, гумарам, гульнямі, цікавымі творчымі заданнямі. Першым галоўным рэдактарам часопіса быў Васіль Вітка – славуты паэт-казачнік, таленавіты педагог, класік беларускай літаратуры. Разам з ім з’явіўся на старонках часопіса літаратурны герой Вася Вясёлкін. У цяперашні час часопіс узначальвае вядомы беларускі пісьменнік Уладзімір Ліпскі. Амаль 30 гадоў з натхненнем і любоўю працуе ён у часопісе і працягвае яго лепшыя традыцыі. У часопісе вельмі многа вершаў, апавяданняў, прысвечаных нашай Радзіме, роднай мове, беларускай кнізе, роднай зямлі, роднай маці, роднай Айчыне.

У пачатку мерапрыемства бібліятэкар пазнаёміла дзяцей з гісторыяй узнікнення часопіса, яго першым нумарам і аўтарамі. Вучні разгадалі крыжаванку “Вясёлы герой часопіса”. На сустрэчу да дзяцей завітаў смелы, вынаходлівы і вясёлы Вася Вясёлкін. Ён прачытаў вершаванае віншаванне і запрасіў у падарожжа па старонках часопіса “Вясёлка”. Першая старонка часопіса — “Паэты – дзецям пра ўсё на свеце”.

Госці пазнаёміліся з беларускімі дзіцячымі пісьменнікамі і паэтамі, творы якіх надрукаваны ў “Вясёлцы”. Хлопчыкі і дзяўчынкі прачыталі вершы Уладзіміра Скарынкіна “Каго Насця любіць”, Аляксея Пысіна “Карусель”, Эдзі Агняцвет “Любка-Люба”. Затым разгадалі крыжаванку-рыфмаванку “Вясёлка”. Другая старонка часопіса – “Спеўнік “Вясёлкі”. На гэтай старонцы для дзяцей прагучала песня “Выберу сам” у выкананні вучаніцы 5 класа гімназіі № 2 Квашніной Сафіі. Трэцяя старонка часопіса прысвечана  загадкам. Вася Вясёлкін загадваў загадкі Ніны Галіноўскай пра герояў дзіцячых кніг, загадкі-блытанкі Сержа Мінскевіча і сваю суперзагадку “Канікулы”. Дзеці з вялікім задавальненнем адгадвалі загадкі. Чацвёртая старонка часопіса – “Весялінка”. Яна выклікала ў дзяцей вясёлы настрой. Вучні паслухалі дзіцячыя жарты, якія запісалі дарослыя, а таксама смяшынкі, небыліцы. Пятая старонка – “Цудоўны куфэрак прыроды”. Вучні прынялі актыўны ўдзел у конкурсе вершаваных загадак Васіля Віткі “Загадкі дзеда Васіля” і  Міхася Пазнякова “Таямнічы куфэрак”, прачыталі вершы аб роднай прыродзе. Шостая старонка — “У Беларусі – ясныя вочы”. Дзеці чыталі вершы Пятруся Броўкі і Эдзі Агняцвет. У час гульні “Колеры вясёлкі” прагучала шмат прыгожых слоў аб Радзіме, з якіх дзеці складалі вясёлку.

У канцы мерапрыемства вучні прачыталі свае пажаданні цікаваму дзіцячаму выданню. Усе ўдзельнікі атрымалі ў падарунак “Рэбусы ад Васі Вясёлкіна”.

Адказная: Ляўшыцкая І. П.

Понравилась статья? Поделитесь ей с друзьями:

Добавить комментарий