Пра што шчабечуць птушкі
Сапраўдная вясна пачынаецца з прылёту птушак. Яе прыход змаглі адчуць хлопчыкі і дзяўчынкі 4 «В» класа СШ № 8 на мерапрыемстве «Пра што шчабечуць птушкі?», якое адбылося 5 красавіка ў дзіцячым аддзеле бібліятэкі ім. Я. Купалы.
Падчас майстраванкі дзеці «прымерылі» на сябе вобраз майстра-стваральніка, каб зрабіць «Птушку шчасця». Але спачатку яе трэба было адшукаць сярод мноства вырабаў творчай майстэрні «Рознакаляровыя далонькі» па апісанні.
Потым з літарнага рэбуса-лабірынта школьнікі даведаліся, якія птушкі паслужылі прататыпам для яе. Справіўшыся з заданнем, усе ўдзельнікі былі запрошаны на музычны фестываль «Птушыныя спевы», дзе змаглі атрымаць асалоду ад спеваў птушак. Здзейсніўшы невялікі экскурс у мінулае, навучэнцы пазнаёміліся з народным святам «Саракі».
Далей пачалі рабіць птушку. Кожны выбраў для сябе вызначаны колер паперы, неабходныя дэталі, і праца закіпела. Вырабы атрымаліся яркімі і маляўнічымі. Кожны адрозніваўся індывідуальнасцю і непаўторнасцю.