Хросны бацька кнігадрукавання
21 і 22 лютага ў бібліятэцы імя Я. Купалы ў межах праграмы “Мой город – Родины частица” для вучняў СШ № 8 і СШ №6 была праведзена гадзiна выдатнай асобы “Хросны бацька кнігадрукавання” з цыкла мерапрыемстваў, прысвечаных 500-годдзю беларускага кнігадрукавання.
У ходзе мерапрыемства вучні пашырылі свае веды аб доктары навук, вялікім асветніку Францыску Скарыне і яго дзейнасці, пазнаёміліся з узнікненнем кнігадрукавання на беларускіх землях, прагледзелі відэаролік. Філосаф, медык, мастак, мовазнаўца, Францішак Скарына сваім талентам праславіў Бацькаўшчыну далёка за яе межамі.
Біяграфія Францыска Скарыны хавае ў сабе шмат таямніцаў. Але вядома галоўнае: што з яго імем звязана выдатная інтэлектуальная падзея ў жыцці не толькі беларускага народа, але і ўсіх усходніх славян – выданне ў пачатку 16 стагоддзя значнай часткі Бібліі. А таму пераацаніць уклад вялікага беларускага асветніка і першадрукара ў нашу культуру немагчыма.
Школьнікі даведаліся, што Францыск Скарына з Полацка займаўся не толькі выданнем кніг. Ён праявіў незвычайны талент у жывапісе, батаніцы, медыцыне… З яго імем звязана зараджэнне ў беларускім грамадстве шэрага навук: філалогіі, батанікі, медыцыны, выяўленчага мастацтва. А асветніцкія ідэі і памкненні нашага слыннага першадрукара надалей знайшлі падтрымку і развіццё ў справах і здзяйсненнях яго паслядоўнікаў — Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага, братоў Зізаніяў.
Падчас сустрэчы гучалі вершы полацкіх аўтараў, прысвечаныя Скарыну, урыўкі з мастацкіх твораў беларускіх пісьменнікаў. Вучні праявілі кемлівасць пры адказах на пытанні міні-віктарыны “Веру – не веру”. Самыя актыўныя атрымалі памяткі-закладкі з выявай Францыска Скарыны.
Увазе вучняў была прапанавана выстава кніг, прысвечаная асобе першадрукара. Расказ бібліятэкара суправаджаўся мультымідыйнай прэзентацыяй. Па выніках смайл-апытвання, якое было прапанавана вучням, сустрэча была цікавай, інфармацыйнай і пазнавальнай. Мерапрыемства падрыхтавала і правяла Квашніна І. Л.