Песняры зямлі беларускай
8 лютага. У кожнага народа ёсць паэты, веліч і значэнне якіх узрастаюць ад пакалення да пакалення. У нас — гэта Якуб Колас і Янка Купала.
Сваімі творамі яны ўзнялі беларускую літаратуру на сусветны ўзровень, выявілі незвычайную сілу і творчую моц беларускага слова. Усе мы ведаем, што ў гэтым годзе споўніцца 135 год з дня нараджэння славутых майстроў паэтычнага слова.
Вялікай падзее прысвечана выстава “Песняры зямлі беларускай”, якая адкрылася ў бібліятэцы-філіяле № 8. Чытачы могуць ўбачыць творы аўтараў, артыкулы, кнігі, якія адлюстроўваюць жыццё і творчы шлях юбіляраў, фотаздымкі. Кожны знойдзе тое, што шукае душа. Глыбіня спадчыны класікаў бязмерна. З гэтым згодны іх сучаснікі.
“Янка Купала – гэта першая з вяршынь беларускага Эльбруса паэзіі. Магутная яна, і чыстая, і высокая. Высокая, бо матывамі сваімі праўдзівая. Чыстая, бо мілагучная і майстэрская, а магутная, бо заўсёды была яна з народам”, — напісаў П. Тычына. “Якуб Колас — паэт, празаік, драматург, вучоны, публіцыст – няма, здаецца, у беларускай літаратуры такога жанру, няма ў яе гісторыі такой старонкі, дзе б не ззяла слаўнае яго імя, не праявілася б якая-небудзь грань яго шчодрага таленту», — сцвярджаў Іван Мележ. І для простага чытача Купала і Колас – выразнікі душ і спадзяванняў не толькі цэлага народа, але і кожнага з нас, прыклад духоўнай культуры, маральнай чысціні і патрыятызма.
Спраўдзіліся тыя падзеі, якія імкнуўся ўвасобіць Янка Купала:
Паплыло павадкаю, загуло, як вецер,
Слова беларускае на вялікім свеце…
Падымаўся з нізін, сакаліна сям’я,
Над крыжамі бацькоў, над нягодамі,
Занімай, Беларусь маладая мая,
Свой пачэсны пасад між народамі.