Літаратурныя імёны новага стагоддзя
23 лістапада ў дзіцячым аддзеле бібліятэкі-філіяла №3 імя Янкі Купалы ў рамках індывідуальнай творчай праграмы “Далучыць да роднага слова” прайшоў бібліяфрэш “Літаратурныя імёны новага стагоддзя”.
На ім прысутнічалі вучні С/Ш №8, 4 “В” класа. У пачатку мерапрыемства бібліятэкар пазнаёміла дзяцей з творчасцю сучасных беларускіх аўтараў: Алеся Бадака, Алены Масла, Уладзіміра Ягоўдзіка, Міхася Пазнякова і Ганны Скаржынскай-Савіцкай.
Затым дзеці адправіліся ў цікавае і займальнае падарожжа па старонках новых, яркіх, прыгожых, пазнавальных беларускіх кніг, змешчаных на кніжнай выставе “Гартаючы старонкі новых кніг”. Дзецям вельмі спадабаліся кнігі Алеся Бадака “Незвычайнае падарожжа ў Краіну Ведзьмаў”, “Як рассмяшыць папугая”, а таксама пазнавальныя кнігі з серыі “Усім пра ўсё”, якія пашыраюць кругагляд, даюць адказ на самыя розныя,часам вельмі няпростыя і нечаканыя пытанні.
З дапамогай кніг пісьменніцы-казачніцы Алены Масла “Вандроўкі з божымі кароўкамі”, “Жывыя рэчы”, “Таямніцы закінутай хаты”, “Каляды з хроснай” і іншых, дзеці патрапілі ў дзівосны свет розных казачных прыгод і здарэнняў.У кнігах Алены Масла заўсёды перамагае дабро.
Шмат пазнавальнага матэрыялу даведаліся дзеці з кніг серыі “Скарбы Радзімы” Уладзіміра Ягоўдзіка, а таксама пазнаёміліся з прыказкамі, прымаўкамі, народнымі прыкметамі, павер’ямі і адгадалі загадкі.
З вялікім задавальненнем дзеці чыталі вершы на роднай мове Міхася Пазнякова з кніг серыі “Свет вакол нас”, прысвечаныя Радзіме, роднай мове, прыродзе, сям’і.
З увагай і цікавасцю дзеці пазнаёміліся з павучальнымі кнігамі пісьменніцы Ганны Скаржынскай-Савіцкай “Мішка-прывід”, “Казкі-чамучкі”, “Надзейка-чарадзейка”, “Прыгоды хамячка Тошкі”, якія спрыяюць выхаванню дабрыні, кемлівасці, узаемадапамозе, сяброўству, сціпласці, праўдзівасці, добразычлівасці, шчырасці.
На працягу мерапрыемства дзеці змаглі не толькі пазнаёміцца з новымі беларускімі выданнямі, але і далучыцца да прыгажосці роднай мовы праз любімыя творы айчынных аўтараў.
Адказная: Ляўшыцкая І. П.