Дзіўны свет прыроды
З лістапада ў дзіцячым аддзеле бібліятэкі імя Янкі Купалы прайшоў агляд-гульня “Дзіўны свет прыроды”, прысвечаны 115-годдзю з дня нараджэння вядомага мастака-анімаліста і пісьменніка-натураліста Яўгена Іванавіча Чарушына.
На мерапрыемстве прысутнічалі вучні са школьнага лагера СШ №8.
Дзеці даведаліся, што лепшымі сябрамі Жэні Чарушына былі звяры і птушкі, іх у доме было поўным-поўна: птушкі ў клетках, рыбы ў акварыумах. У двары — кураняты, індычаняты, трусяняты. Гук «р» хлопчык навучыўся вымаўляць, пераймаючы крык вароны. Любімым чытаннем Жэні былі кнігі пра жыццё жывёл. Будучы пісьменнік не проста любіў жывёл, ён яшчэ іх маляваў і вывучаў.
Скончыўшы Акадэмію мастацтваў у Пецярбургу, Яўген Іванавіч пачаў ілюстраваць дзіцячыя кнігі. Праз некаторы час з’явіліся яго першыя апавяданні пра жывёл. Яны адзначаюцца сцісласцю, прастатой і дынамічнасцю сюжэту, даступнасцю выкладу.
Бібліятэкар паказала школьнікам мультымедыйную прэзентацыю пра жыццё і творчасць пісьменніка. Затым правяла з імі віктарыну «Адгадай маму», гульні «Што лішняе?» і «Знайдзі правільны адказ». Хлопчыкі і дзяўчынкі прынялі таксама актыўны ўдзел у разгадванні філворда «Птушкі-героі апавяданняў Чарушына».
Да мерапрыемства была падрыхтавана кніжная выстаўка «Гэтыя пацешныя жывёлы». У канцы дзеці паглядзелі мультфільм «Чуффык» па матывах казкі Яўгена Іванавіча.
Адказная: Кукштэль І. Я.