Падарожжа ў краіну Вітамінію
Спякотнае лета ў разгары. Горача было 2 жніўня і ў дзіцячым аддзеле бібліятэкі імя Янкі Купалы. Дзве групы школьнага лагера з СШ № 8 пабывалі на гульне-забаўке «Падарожжа ў чароўную краіну Вітамінію».
Дзеці дружна пасмяяліся над лістом ад гарэзы Карлсана, які вырашыў лячыцца тартамі, чыпсамі і салодкай газіроўкай. Успомнілі свае любімыя стравы і зразумелі, што смачна — гэта не заўсёды карысна.
Удзельнічалі ў «Смачнай віктарыне» і віктарыне «Я выбіраю …». Бібліятэкар прывяла хлопчыкам і дзяўчынкам прыклады з гісторыі пра тое, як жылі людзі і чым хварэлі, не ведаючы аб існаванні і карысці вітамінаў і разнастайнага харчавання.
Даведаліся пра досведы рускага навукоўца Луніна Мікалая Іванавіча і аб адкрыцці ім вітамінаў. Бібліятэкар пазнаёміла дзяцей з вядомымі вітамінамі, распавяла пра карысць кожнага з іх для арганізма. Для замацавання тэмы дзецям быў прапанаваны смачны пачастунак з гародніны, хлеба, садавіны па кожнаму вітаміну.
Хлопчыкі і дзяўчынкі ўспомнілі любімыя вітамінныя прадукты, разгадваючы піктаграмы «Шыварат-навыворот», збіралі з частак-пазлаў прыказкі пра здароўе , пра правільны лад жыцця. Удзельнікі падарожжа зрабілі для сябе выснову: там, дзе спажываюць разнастайную ежу, вырастаюць моцныя і здаровыя людзі.
Трэба не забываць аб жыватворным уплыве сонца, чыстага паветра і вітамінаў!
Адказная: Табунова А. У.