Мерапрыемства «Край блакітных азёр»
7 красавіка. Ці ведаеце вы, якое рэчыва трывала ўвайшло ў наша паўсядзённае жыццё, настолькі цесна і шчыльна, што мы нават не задумваемся аб яго каштоўнасці, прымаем, як належнае? Гэта — звычайная вада. Без яе немагчыма ўявіць наша існаванне на гэтай планеце. Няма вады — няма жыцця.
У гэтым яшчэ раз пераканаліся хлопчыкі і дзяўчынкі з 3 «А» класа СШ №8, пабываўшы ў дзіцячым аддзеле бібліятэкі імя Янкі Купалы на мерапрыемстве «Край блакітных азёр». Яно праводзілася ў рамках індывідуальнай творчай праграмы «Стань прыродзе сябрам» і было прысвечана Сусветнаму Дню вады.
Яркія прыклады незвычайных з’яў прыроды, звязаных з воднымі рэсурсамі, схемы спажывання вады чалавекам прадэманстравала бібліятэкар на вялікім мультымедыйным экране. Прэзентацыя закранула праблемы экалогіі, забруджвання сусветных вод працэсамі жыццядзейнасці чалавека.
Дзеці актыўна адказвалі на пытанні пазнавальнай віктарыны аб вадзе і водных рэсурсах планеты. Жывую цікавасць выклікала знаёмства з воднымі багаццямі нашай рэспублікі, у прыватнасці, нашай малой радзімы — Віцебскай вобласці. Дзеці даведаліся, што з-за вялікай колькасці азёр наш рэгіён называюць Беларускім Паазер’ем.
У ходзе мерапрыемства хлопчыкі і дзяўчынкі яшчэ раз пераканаліся, што вада-гэта неацэнны скарб і ставіцца да яго трэба вельмі беражліва і расходаваць вельмі эканомна.
Адказная: Табунова А. У.